БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,

у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).

М.С.Капора.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)